знак, які аб’ядноўвае воінскую часць і ўказвае на яе прыналежнасць да ўзбр. сіл пэўнай дзяржавы; сімвал воінскіх гонару, доблесці і славы. Уяўляе сабой палотнішча пэўнага колеру і памеру, прымацаванае да дрэўка з метал. навершам (наканечнік накшталт кап’я ці інш. сімвалічнай выявы).
С.в. існавалі ў розных народаў, найб.стараж. ў краінах Усходу. Напачатку ролю С.в. выконвалі пэўныя фігуры (сава, сфінкс, арол і інш.), размешчаныя на версе дрэўка. У стараж. славян сцяг меў выгляд шаста з пучком травы ці конскай грывы на версе. У 9 ст. з’явіліся сцягі з тканіны (чатырох-. радзей трох або шматвугольнае палотнішча, звычайна шматкаляровае з простым малюнкам, які добра чытаецца; мацавалася на дрэўку або рэйцы, шнуры); з 11 ст. мелі выявы гербаў (крыжоў) і пэўныя геральдычныя колеры. Асн. разнавіднасці: напр., харугва — старадаўняя назва баявых сцягоў у вайск. падраздзяленнях шэрагу краін, у т. л.ВКЛ; штандар — С.в. ў сярэдневякоўі ў кав. часцях і злучэннях армій Рас. і Герм. імперый і інш. Існуюць сцягі больш дробных памераў (значок, вымпел, гюйс і інш.). У Расіі да пач. 20 ст. назва, форма і колер С.в. неаднаразова мяняліся. Сцягі Чырв. Арміі існавалі з 1918, рабіліся з чырв. тканіны, мелі розныя памеры, змест і характар малюнкаў. У 1926 зацверджаны адзіны ўзор сцягоў часцей РСЧА. У Вял.Айч. вайну зацверджаны новыя ўзоры Чырв. сцягоў для воінскіх часцей і злучэнняў (21.12.1942), для гвардыі (11.6.1943), для часцей і злучэнняў ВМФ (5.2.1944). З 1975 С.в. стаў называцца Баявым Сцягам.
На Беларусі С.в. вядомы з сярэдневякоўя. У час Грунвальдскай бітвы 1410, паводле апісання Длугаша, у войску ВКЛ 30 харугваў мелі выяву герба «Пагоня» на чырв. полі, а 10 — выяву герба «Калюмны» (белыя слупы або калоны на чырв. фоне). На карціне, прысвечанай Аршанскай бітве 1514 (створана ў 1520-х г. невядомым аўтарам і захоўваецца ў музеі Войска Польскага ў Варшаве), паказаны не толькі дзярж. сцяг ВКЛ з выявай «Пагоні», але і белыя флюгеры з намаляваным чырв. крыжам св. Георгія. У 16 ст. на вял. харугве ВКЛ з шоўку (згодна з паведамленнем А.Гваньіні, яна мела «сем локцяў кітайкі») была выява Божай Маці. Бела-чырвона-белы сцяг з’явіўся ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18. С.в. (сцягі партызанскія) у 1918—20 і 1941—44 мелі партыз. атрады, палкі і брыгады, якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі.
С.в. (Баявы Сцяг) воінскай часці Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь складаецца з падвойнага прамавугольнага палотнішча чырвонага колеру, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі і сцягавых стужак. Уручаецца воінскай часці ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заўсёды захоўваецца ў часці, а на полі бою — у раёне баявых дзеянняў воінскай часці. С.в. служыць напамінам кожнаму ваеннаслужачаму аб гераічных традыцыях і свяшчэнным абавязку абароны Айчыны. Пры страце Баявога Сцяга камандзір часці і непасрэдныя віноўнікі падлягаюць ваен. суду, а вайск. часць расфарміроўваецца.
Літ.:
Устав внутренней службы Вооруженных Сил Республики Беларусь. Мн. 2001;
Шатунов Г.П. Символ воинской чести, доблести и славы. М., 1975;
Маковеев М.С. О знамени: которому присягаем. М., 1974;
Топильский В.Ф. Знамя части. Л., 1974;
Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн., 1994.
С.А.Фамін, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Сцяг воінскі. 1—2 — харугвы атрадаў ВКЛ у Грунвальдскай бітве 1410; 3 — сцяг штаба злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай вобласці. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; 4 — Баявы Сцяг воінскай часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.